Головна

Гаспадарка беларуских зямель у канцы 18-першай палове 19ст. Эканамичныя рэформы 1830-1840гг.

Сельская гаспадарка. Змены ў сельскай гаспадарцы. У першай палове XIX ст. Сельская гаспадарка ў Беларусі ўсё больш звязвалася з рынкам, павялічвалася плошча ворыўных зямель. Паступова вызначалася гаспадарчая спецыялізацыя беларускіх зямель па вырабе пэўнай прадукцыі. Пашыраліся пасевы тэхнічных культур (ільну, канапель), пачала развівацца танкарунная авечкагадоўля, значна павялічылася ўдзельная вага цукровых буракоў і бульбы.

З ХІХ ст. бульба станавілася літаральна «сялянскім хлебам». Ураджай яе, сабраны з адной дзесяціны (1,09 гектара), мог пракарміць такую ж колькасць людзей, як з трох дзесяцін пшаніцы. Бульба надзейна ратавала сялян ад галоднай смерці ў неўражайныя гады.

У шэрагу памешчыцкіх гаспадарак пачалі выкарыстоўвацца сельскагаспадарчыя машыны. Прапагандай перадавых метадаў земляробства і жывёлагадоўлі займалася Беларускае вольнае эканамічнае таварыства, што існавала ў 1826 - 1841 гг. у Віцебску. У 1848 г. у маёнтку Горы-Горкі Магілёўскай губерні быў адкрыты першы ў Расійскай імперыі земляробчы інстытут. Акрамя сельскагаспадарчай працы сяляне ўсё больш займаліся промысламі, наймаліся на розныя работы, вялі гандаль. Сярод іх паглыблялася маёмаснае расслаенне: вылучаліся заможныя сяляне.

Памешчыкі з мэтай павелічэння прыбытковасці сваіх маёнткаў пашыралі ўласныя пасевы за кошт сялянскіх надзелаў. Але не ўгноеная, дрэнна апрацаваная зямля давала нізкія ўраджаі. За 30 гадоў (з 1820 па 1850) у Віцебскай і Магілёўскай губернях было 10 неўраджаяў. Сяляне ўсё больш разараліся і не маглі несці павіннасці, якія ўзрасталі. Прыбытковасць памешчыцкіх гаспадарак падала. Аднак большасць землеўладальнікаў, якія распараджаліся дармовай сялянскай працай, не жадалі выдзяляць сродкі на набыццё сучаснай тэхнікі і палепшаных прылад працы.

Становішча сялянства.У сярэдзіне XIX ст. сяляне складалі каля 80 % тагачаснага насельніцтва Беларусі. Самай шматлікай і найбольш бяспраўнай часткай беларускага сялянства былі памешчыцкія (панскія) сяляне. Яны самі, іх праца і маёмасць належалі ўладальнікам, якія ўласнаручна ці пры дапамозе арандатараў і адміністратараў чынілі над імі суд і расправу.

Прыгонных прадавалі і закладвалі, дарылі і абменьвалі на любую рэч, ссылалі без суда на катаргу, білі розгамі. Самавольства памешчыкаў практычна нічым не абмяжоўвалася, бо сялянам забаранялася нават скардзіцца на іх.

Другой па колькасці часткай сельскага насельніцтва Беларусі з'яўляліся дзяржаўныя (казённыя) сяляне. У царскім заканадаўстве яны атрымалі найменне «вольных сельскіх абывацеляў». На самай справе дзяржаўныя сяляне не былі такімі, бо знаходзіліся ў поўным распараджэнні арандатараў, і адміністратараў, прызначаных уладай. У выніку становішча дзяржаўных сялян у беларускіх губернях практычна не адрознівалася ад становішча памешчыцкіх прыгонных сялян.

У Беларусі пераважала паншчынная сістэма гаспадарання. Да сярэдзіны 1840-гг. 97 % памешчыцкіх і абсалютная большасць дзяржаўных сялян выконвалі паншчыну. Павіннасці сялян дзяліліся на галоўныя і дадатковыя. Паншчына ці (у рэдкіх выпадках) аброк, а таксама згоны і гвалты адносіліся да галоўных. Дадатковымі былі будаўнічыя і рамонтныя работы на панскіх гаспадарчых будоўлях, падтрыманне ў належным стане дарог, мастоў начная варта і перавозка грузаў. За гэта памешчык дазваляў лавіць рыбу, карыстацца лесам і г. д. Акрамя таго, захоўваліся замацаваныя ў інвентарах «па даўняму звычаю» розныя даніны (ягадамі, грыбамі, мёдам, пражай, палатном і інш.).

Нормы павіннасцей залежалі ад велічыні і якасці зямельных надзелаў, што знаходзіліся ў карыстанні сялян. Калі ў канцы XVIII ст. з адной валокі вызначалася 8 дзён паншчыны ў тыдзень (4 дні мужчынскай і 4 - жаночай працы), то ў сярэдзіне XIX ст. - 12 дзён у тыдзень (па 6 дзён мужчынскай і і 6 - жаночай працы).

Сапраўдным няшчасцем для сялян стала шырока распаўсюджаная прымусовая аддача іх на будаўнічыя работы ў іншыя раёны Расіі. Пры гэтым памешчыкі, якія нічым не забяспечвалі сялян, пасылаючы ў такія «камандзіроўкі», заробленыя імі грошы забіралі сабе.

Нарастанне сялянскіх выступленняў. Узмацненне прыгоннага ўціску сялян выклікала іх супраціўленне. Формамі сялянскага руху былі падача ўладам скаргаў на памешчыкаў, адмова ад паслушэнства ўладальнікам, спыненне выхаду на паншчыну, напады на панскія двары. Сяляне жылі надзеяй на хуткае скасаванне прыгонніцтва, што ўсё часцей адлюстроўвалася ў іх патрабаваннях.

У 1847 г. сярод сялян Віцебскай губерні распаўсюдзіліся чуткі, што за адпрацоўку трох гадоў на будаўніцтве чыгункі Пецярбург - Масква цар даруе ім волю і надзеліць зямлёй ва ўрадлівых паўднёвых губернях. Гэта стала падставай для масавых уцёкаў сялян. Агульная колькасць удзельнікаў гэтага руху дайшла да 10 тыс. чалавек. Урад вымушаны быў увесці ў губерню войскі і адпраўляць сялян назад. Амаль 4 тыс. сялян былі пакараны бізунамі. Усё ж да ўладальнікаў не вярнуліся 800 уцекачоў, з іх амаль 1/3 - жанчыны. Сяляне заяўлялі, што лепш загінуць, чым вярнуцца да памешчыкаў.

У 1847 г. у маёнтку Смаргонь Ашмянскага павета было распаўсюджана пісьмо з заклікам да сялян, незадаволеных злоўжываннямі мясцовай адміністрацыі, каб яны сумесна з мяшчанамі выразалі ўсіх памешчыкаў, аканомаў і здабылі сабе свабоду. Аўтарам «абуральнай адозвы» аказаўся дробны чыноўнік шляхціц Юллян Бакшанскі. Як паказала следства, ён адначасова пасылаў лісты ў некалькі паветаў, збіраўся даць смаргонскім сялянам значную суму грошай для набыцця зброі і пашырыць сялянскі рух аж да Вільні з мэтай забойства губернатара. Распаўсюджванне закліку вымусіла многіх памешчыкаў Ашмянскага, Вілейскага і Дзісенскага паветаў спешна выехаць у Вільню. Губернскія ўлады ўжылі надзвычайныя меры, каб справіцца з сітуацыяй.

Сялянскія выступленні сталі адным з яскравых прыкладаў разлажэння прыгоннай сістэмы. Калі ў першай трэці XIX ст. адбылося 46 буйных сялянскіх хваляванняў, то ў другой трэці XIX ст. - больш за 90. 3 кожным дзесяцігоддзем памешчыкам і ўладам станавілася ўсё складаней трымаць сялян у паслушэнстве. Гэта вымушала самадзяржаўе ажыццяўляць пэўныя захады па вырашэнні аграрнага пытанння, якое датычылася валодання зямлёй і яе размеркавання, рэфармавання сельскай гаспадаркі.

Рэформа Паўла Дзмітрыевіча Кісялёва ў дзяржаўнай вёсцы. У 1840 - 1857 гг. была праведзена рэформа дзяржаўных сялян, якія складалі каля 1/5 усяго сялянства Беларусі. Дзяржаўныя сяляне карысталіся казённымі землямі, а казённыя маёнткі амаль усе здаваліся прыватным асобам у арэнду. Таму эканамічнае і прававое становішча дзяржаўных сялян да канца 1830-гг. практычна не адрознівалася ад становішча памешчыцкіх прыгонных сялян. Царскі ўрад, ажыццяўляючы рэформу ў дзяржаўнай вёсцы, меў на мэце павышэнне даходнасці казённых маёнткаў, і разлічваў заваяваць сімпатыі сялянскіх мас. Ініцыятарам і асноўным правадніком рэформы стаў міністр дзяржаўных маёмасцяў Расійскай імперыі граф Павел Дзмітрыевіч Кісялёў - прыхільнік абмежавання феадальна-прыгонніцкіх адносін.

У ходзе рэформы было праведзена апісанне дзяржаўных уладанняў, змяншаліся павіннасці сялян і павялічваліся іх зямельныя надзелы. Сяляне казённых маёнткаў пераводзіліся з паншчыны на чынш (грашовы аброк). Спынялася здача казённых маёнткаў у арэнду. Прызнавалася «грамадзянская свабода» дзяржаўных сялян, што выгадна адрознівала іх ад бяспраўных памешчыцкіх падданых. У дзяржаўнай вёсцы ствараліся сельскія грамады - абшчыны - з выбарным кіраваннем, якім давяралася самастойнае вырашэнне гаспадарчых адміністрацыйных і судовых спраў.

Рэформа ў памешчыцкай вёсцы. Каб крыху аслабіць прыгонніцкія адносіны ў памешчыцкай вёсцы, урад пагадзіўся на правядзенне так званай інвентарнай рэформы. Традыцыя складання інвентароў існавала ў Беларусі яшчэ з XVI ст. У іх уладальнікі ўносілі звесткі пра межы маёнтка, даходы насельніцтва, памеры сялянскіх надзелаў і павіннасцяў.

Інвентарная рэформа пачала ажыццяўляцца з 1844 г. Яе сутнасць зводзілася да рэгулявання памераў надзелаў і павіннасцяў памешчыцкіх сялян і замацавання іх у інвентарах, абавязковых не толькі для сялян, але і для памешчыкаў. Абавязковыя інвентары былі ўведзены ва ўсіх памешчыцкіх маёнтках Заходняй і Цэнтральнай Беларусі і ў частцы маёнткаў Усходняй Беларусі

Рэформа выклікала супраціўленне памешчыкаў, якія не жадалі ўнармавання сялянскіх павіннасцей. Перагляд і выпраўленне інвентароў цягнуліся да 1857 г. Абавязковыя інвентары афіцыйна абмяжоўвалі ўладу памешчыкаў і давалі сялянам, хоць нейкую магчымасць адстойваць свае інтарэсы.

У цэлым жа рэформы 1840-х - першай паловы 1850-хгг. стваралі лепшыя ўмовы для развіцця гаспадарчай ініцыятывы сялян пераважна ў дзяржаўнай вёсцы. Аднак гэтыя пераўтварэнні не знішчылі прыгоннага права, якое з'яўлялася асновай феадальных парадкаў.

Прамысловасць. У першай палове XIX ст. прамысловасць у Беларусі была прадстаўлена рознымі тыпамі прадпрыемстваў: рамеснымі майстэрнямі, мануфактурамі, фабрыкамі. Сярод прамысловых прадпрыемстваў у найбольш прывілеяваным становішчы знаходзіліся тыя, якія належалі дваранам-памешчыкам. Гэта тлумачылася тым, што памешчыкі мелі ва ўласнасці зямлю, яе нетры і лясныя багацці, бясплатную сыравіну і выкарыстоўвалі дармавую працу прыгонных сялян. 3 такімі прадпрыемствамі цяжка было канкурыраваць прадпрыемствам, арганізаваным купцамі і мяшчанамі на ўласныя грошы. Таму купецка-мяшчанская прамысловасць у гарадах была прадстаўлена амаль выключна прадпрыемствамі рамеснага тыпу з ручной вытворчасцю, на якіх не існавала падзелу працы. Да іх адносіліся невялікія майстэрні з колькасцю рабочых не больш за 5 чалавек, уключаючы і самога гаспадара.

Да дробнатаварнай вытворчасці належалі прадпрыемствы, дзе працавала ад 6 да15 рабочых. Тут ужо гаспадар займаўся толькі арганізацыяй працэсу вырабу і збыту прадукцыі. Яшчэ большая колькасць рабочых (звыш 16) дазваляла падзяліць вытворчы працэс на асобныя аперацыі, што было характэрна для мануфактурнай стадыі прамысловага развіцця.

Новай з'явай у прамысловым развіцці Беларусі ў першай палове XIX ст. стаў пачатак пераходу ад мануфактурнай да фабрычнай вытворчасці. Першыя ў Беларусі фабрыкі - прамысловыя прадпрыемствы, на якіх існаваў падзел працы, і выкарыстоўваліся машыны, былі пабудаваны ў 1820-я гг. у мястэчках Хомск Кобрынскага і Косава Слонімскага паветаў. Фабрыкі належалі буйному землеўладальніку графу Пуслоускаму, выраблялі сукно. На хомскай фабрыцы ў 1823 г. працавала больш за 400 рабочых з ліку прыгонных сялян. Станкі і паравыя рухавікі замянялі на фабрыках ручную працу і патрабавалі спецыяльна падрыхтаваных рабочых. Прымусовая дармавая праца прыгонных на памешчыцкіх прадпрыемствах была малапрадукцыйнай і станавілася неэфектыўнай.

На дробных прадпрыемствах, якія належалі купцам і мяшчанам, выкарыстоўвалася вольнанаёмная рабочая сіла. Паводле розных падлікаў, наёмныя рабочыя ў Беларусі складалі не менш за 1/3 ад усіх рабочых. Аднак існаванне прыгоннага права стрымлівала фарміраванне рынку свабоднай рабочай сілы.

У 1860 г. у Беларусі налічвалася 140 мануфактур, 76 фабрык і заводаў. Амаль усе яны належалі памешчыкам. Прамысловасць у Беларусі была прадстаўлена пераважна прадпрыемствамі па перапрацоўцы сельскагаспадарчай сыравіны: вінакурнымі (па вырабе гарэлкі з бульбы і збожжа), суконнымі, палатнянымі, мукамольнымі і цукровымі (па перапрацоўцы цукровых буракоў). Першы цукровы завод у Беларусі пачаў працаваць у 1830 г. у маёнтку Моладава (Кобрынскі павет), які належаў Аляксандру Сіманавічу Скірмунту. Фабрыкант вынайшаў устаноўку для паскоранага бесперапыннага выпарвання цукровага сіропу, якое доўжылася толькі 4 - 5 хвілін замест ранейшых 4 - 5 гадзін. Скірмунт, зарэгістраваўшы свае адкрыццё, стаў першым у Расійскай імперыі афіцыйна прызнаным беларускім вынаходнікам.

Шляхі зносін. Гандаль. У канцы XVIII - першай палове XIX ст. праводзіліся работы па паляпшэнні шляхоў зносін. Гэта садзейнічала ўключэнню гаспадаркі Беларусі ва ўсерасійскі рынак. Шырокія дарогі, так званыя гасцінцы, звязалі беларускія гарады з іншымі гарадамі Расійскай імперыі. 3 усходу на захад пралягла магістральная шаша Масква - Брэст - Варшава, з поўначы на поўдзень - Пецярбургска-Кіеўская дарога.

Падвергліся рэканструкцыі ці былі пабудаваны каналы, што злучылі рэкі басейнаў Чорнага і Балтыйскага мораў: Агінскі (Дняпро і Нёман), Бярэзінскі (Дняпро і Заходнюю Дзвіну), Дняпроўска-Бугскі (Дняпро і Віслу), Аўгустоўскі (Нёман і Віслу). Па Дняпры, Прыпяці, Заходняй Дзвіне пайшлі параходы. Першы параход магутнасцю 12 конскіх сіл, пабудаваны англічанінам А. Смітам - механікам гомельскага маёнтка, што належаў графу Румянцаву, прайшоў выпрабаванні на Сажы ў 1824 г. Значна павялічылася колькасць прыстаней, а грузаабарот па галоўных рэках Беларусі за 1844 - 1860 гг. узрос больш як у 2 разы. На рынак працавалі галоўным чынам памешчыцкія гаспадаркі. Яны пастаўлялі прадукцыю земляробства і жывёлагадоўлі, лесаматэрыялы. Каля паловы даходаў памешчыкаў складаў продаж гарэлкі. Рост гарадскога насельніцтва абумоўліваў попыт на сельскагаспадарчую прадукцыю. Прыгоннае сялянства вяло ў асноўным натуральную гаспадарку, і амаль не купляла прамысловых тавараў.

Пашыраўся знешні гандаль. 3 Заходняй Еўропы праз Беларусь ішлі транзітныя грузы ў рускія гарады, а з Расіі - на заходнееўрапейскія рынкі. У вывазе з Беларусі пераважалі лён і льнопрадукты, збожжа, гарэлка, спірт, воўна, сала, лес. У Беларусь прывозілі соль, металы, паравыя машыны і тэхнічнае абсталяванне, тканіны з бавоўны і шоўку, фарфоравы і фаянсавы посуд, тытунь, марскую рыбу, чай, каву.

Арганізатарамі гандлю выступалі купцы. Яны скуплялі ў вытворцаў сельскагаспадарчую і прамысловую прадукцыю, сыравіну, дастаўлялі яе ў гарады і на рачныя прыстані, вывозілі за мяжу. Аднак мясцовыя купецкія капіталы пакуль што былі невялікімі. Замежныя купцы ў пачатку XIX ст. прыязджалі ў асноўным з Варшавы, Данцыга (цяпер Гданьск) і іншых заходніх гарадоў. У 1840-я гг. іх выцеснілі купцы з гарадоў Расіі.

Важную ролю ў гандлі да сярэдзіны XIX ст. працягвалі адыгрываць кірмашы. Яны праводзіліся ў мястэчках і гарадах у пэўныя дні, а буйнейшыя доўжыліся тыдзень і болей. Звычайна кірмашы супадалі з царкоўнымі святамі, на іх адбываліся народныя гулянні і тэатралізаваныя прадстаўленні.

Зэльвенскі кірмаш быў самым значным з усіх 43 у Гродзенскай губерні. У Віцебскай губерні найбольш вядомымі былі Асвейскі і Бешанковіцкі кірмашы, у Магілёўскай - Любавіцкі. Кірмашовы гандаль з цягам часу пачаў звужацца. На змену яму ішоў пастаянны крамна-магазінны гандаль і штотыднёвыя гарадскія базары.

Гарады і мястэчкі. За перыяд з 1825 па 1861 г. насельніцтва 42 гарадоў Беларусі павялічылася са 151 тыс. да 320 тыс. чалавек. Аднак удзельная вага гараджан сярод жыхароў Беларусі заставалася на ўзроўні 10 %. Сярод іх пераважалі рамеснікі і дробныя гандляры, што ўваходзілі ў склад саслоўя мяшчан. У губернскіх цэнтрах было шмат чыноўнікаў, дваран, духавенства. Купцы і багатыя мяшчане адыгрывалі вырашальную ролю ў гарадскім самакіраванні.

Насельніцтва гарадоў традыцыйна было шматканфесійным і шматэтнічным. Большую частку гараджан складалі яўрэі. Гэта тлумачылася існаваннем мяжы яўрэйскай аселасці, а таксама царскай палітыкай прымусовага перасялення яўрэяў з вёсак у мястэчкі і гарады. Горад рос таксама і за кошт павелічэння вайсковых гарнізонаў.

Гарады пашыраліся тэрытарыяльна. Паступова яны страчвалі рысы феадальных гарадоў з іх скучанасцю і цеснатой. Зносіліся валы і сцены. У цэнтры размяшчаліся адміністрацыйныя і культурна-асветныя ўстановы, буйныя магазіны. Тут дамы былі мураваныя, вуліцы брукаваліся і асвятляліся ўначы. Ускраіны забудоўваліся драўлянымі домікамі, дзе сялілася бедната, рамеснікі і дробныя гандляры.

 



Вайна 1812г. и Беларусь. | Культура беларуских губерняу у складзе Расийскай имперыи у канцы 18-пачатку 20ст.

Асноуные напрамки унутранай и знашняй палитыки Вяликага Княства Литоускага у 13-16 ст. | Вытоки беларускага этнасу. Культура беларуских зямель у другой палове 13-першай палове 16 ст. | Царкоуна-рэлигийные адносины у Вяликим княстве Литоуским и Рэчы Паспалитай. | Люблинская уния и утварэнне Рэчы Паспалитай. | Сацыяльна-эканамичнае развицце беларуских зямель у складзе Рэчы Паспалитай | Знешняя и унутраная палитыка Рэчы паспалитай у другой палове 16-першай палове 18ст. | Палитычны кризис Рэчы Паспалитай (друг. пал. 18 ст.). Падзелы Рэчы Паспалитай | Культура Беларуских зямель у складзе Рэчы Паспалитай у другой палове у другой палове 16-18ст. | Этапы и змест палитыки расийскага урада на тэрыторыи Беларуси у канцы 18-19 ст. | Грамадска-палитычны рух на Беларуси у канцы 18- першай палове 19 ст. |

© um.co.ua - учбові матеріали та реферати