На головну

Літаратурны від і жанр

  1. Літаратурны род
  2. Літаратурным працэсе
  3. Літаратурныя сувязі і ўплывы

Адразу ж зазначым, што ва ўжыванні тэрмінаў «від» і «жанр», якімі абазначаецца ўнутранае структурна-падпарадкавальнае і функцыянальнае чляненне твораў мастацкай літаратуры, няма пэўнага адзінства. Так, у большасці даведачных выданняў па літаратуразнаўству свярджаецца, што від з'яўляецца катэгорыяй больш агульнай у адносінах да жанру (для прыкладу прывядзём цытату з падручніка А. Фядотава: «Вытворнымі ад катэгорыі роду ці, правільней, удакладняючымі, канкрэтызуючымі яго паняццямі з'яўляюцца паняцці «від» і «жанр». Відам мы па традыцыі называем устойлівыя структурныя ўтварэнні ўнутры літаратурнага роду, якія групуюць яшчэ больш дробныя жанравыя мадыфікацыі» [200]). На практыцы ж гэтыя паняцці вельмі часта змешваюцца, атаясамліваюцца, а то і зусім палярна ўзаемазамяняюцца (той жа А. Фядотаў у сувязі з дадзенай з'явай, на якой ён таксама акцэнтуе ўвагу ў сваім падручніку, вядзе гаворку аб г. зв. «тэрміналагічнай нестабільнасці» [201]). Калі ж браць пад увагу частату ўжывання дадзеных тэрмінаў, то намнога, нават непараўнальна часцей, сустракаецца тэрмін «жанр», які ў сваю чаргу можа падраздзяляцца на формы, разнавіднасці і нават віды (напрыклад, жанравая форма апавядання, разнавіднасць аповесці, від рамана) [202]. Такім чынам, жанр як бы падмінае пад сябе від і ў прынцыпе замяняе яго.

Жанрам называецца «гістарычна акрэслены, адносна ўстойлівы тып мастацкай формы, дзе структура пэўных фармальных прыкмет (архітэктанічных, вобразных, моўных) выяўляе больш-менш канкрэтны мастацкі сэнс» [203].

Жанры літаратурных твораў вылучаюцца па трох асноўных прыкметах: 1) па прыналежнасці да таго ці іншага літаратурнага роду; 2) па пераважаючай эстэтычнай якасці, якую вызначаюць вершаваная альбо празаічная форма твора, а таксама яго вядучы пафас (камічны, сатырычны, трагедыйны, элегічны ці які-небудзь інш.); 3) па аб'ёму і адпаведнай агульнай структуры твора.

Наогул, любы жанр - гэта канкрэтнае адзінства пэўных асаблівасцей і ўласцівасцей формы ў яе асноўных момантах - своеасаблівай кампазіцыі, вобразнасці, мове, рытме.

Усё часцей і часцей айчынныя (у тым ліку і беларускія) літаратуразнаўцы вядуць гаворку аб жанравай форме і жанравым змесце. Так, В. Рагойша піша: «Генетычна кожная жанравая форма звязана з пэўным зместам, аднак у выніку сваёй адноснай самастойнасці яна ў працэсе літаратурнага развіцця можа «адчужацца» ад яго і выражаць новы жанравы змест» [204]. Разам з тым даследчык звяртае ўвагу на немагчымасць поўнай страты сувязей паміж формай і зместам у жанры. Менавіта гэты момант указвае на адрозненне жанру «ад віду літаратурнага, заснаванага толькі на фармальных прыкметах (архітэктанічных, моўных, рытмічных і інш.)» [205].

Жанр з'яўляецца, як правіла, утварэннем гістарычна ўстойлівым, «цвёрдым», замацаваным у шматвяковай практыцы. «Кожны з іх - гэта не выпадковая сукупнасць рыс, а прасякнутая дастаткова пэўным і багатым мастацкім сэнсам сістэма кампанентаў формы. Гэта форма, якая ўжо «апрадмеціла» ў сваёй архітэктоніцы, фактуры, каларыце больш ці менш канкрэтны мастацкі сэнс» [206].

Даволі складанай з'яўляецца праблема гістарычнага развіцця жанру. З аднаго боку, жанр увесь час змяняецца, абнаўляецца, набываючы ў творчасці кожнага таленавітага пісьменніка нейкія новыя якасці і рысы. З другога боку, жанр бывае часам надзвычай устойлівым і жывучым, бо літаратура, як правіла, рэдка грэбуе ўжо выпрацаванымі і апрабаванымі формамі. Многа выпадкаў адраджэння жанру ў абноўленым выглядзе, як то, напрыклад, трагедыі ў часы класіцызму і рамантызму, навелы ў першай трэці ХІХ і ў сярэдзіне ХХ стст.

У сувязі з развіццём жанравых форм, магчымасцю іх відазмянення і трансфармацыі В. Халізеў вылучае жанры кананічныя, «гатовыя, завершаныя, цвёрдыя формы <...>, нязменна роўныя самім сабе (яркі прыклад такога жанравага ўтварэння - санет, жывы і сёння)» [207], і жанры неканананічныя, «гнуткія, адкрытыя ўсялякім трансфармацыям, перабудовам, абнаўленням, якія, да прыкладу, элегіі ці навелы ў літаратуры Новага часу» [208].

Разглядаючы жанры як усеагульныя формы літаратурных твораў, што надзвычай моцна вызначаюць творчасць любога пісьменніка, не трэба таксама забываць і аб індывідуальнай жанравай своеасаблівасці кожнага канкрэтнага твора. Пры аналізе творчасці любога буйнога мастака абавязкова будзе паўставаць пытанне аб спецыфіцы яго жанравых форм. Менавіта ў творчасці такіх пісьменнікаў ажыццяўляецца развіццё, якое змяняе пэўныя тыповыя рысы ўсіх жанравых форм, не даючы ім застыць, акасцянець. Адбываецца неабходны і заканамерны працэс унутранага жанравага абнаўлення.

Для кожнай літаратурнай эпохі, напрамку, нават плыні з'яўляюцца характэрнымі свае пэўныя жанры. Так, напрыклад, для класіцызму ў якасці тыповых паўстаюць трагедыя, камедыя, ода, эпічная паэма; для Асветніцтва - мяшчанская драма, сатыра, філасофская аповесць; для рамантызму - лірычная паэма, драма, элегія, балада, псіхалагічны і гістарычны раманы. Прычым з кожнай новай эпохай у літаратуру ўключаецца ўсё больш і больш жанраў, самых розных паводле зместу, агульнай танальнасці, структурна-кампазіцыйных, моўна-выяўленчых і інш. асаблівасцей.

Вывучэннем эвалюцыі відаў, жанраў і іх сістэм на працягу значных гістарычных адрэзкаў часу альбо за ўвесь перыяд існавання і функцыянавання ў пэўнай нацыянальнай літаратуры ці наогул у сусветным прыгожым пісьменстве займаецца гістарычная паэтыка. Яны, г. зн. віды і жанры ў эвалюцыйным развіцці і зменах - «галоўная праблема гістарычнай паэтыкі» [209].



  87   88   89   90   91   92   93   94   95   96   97   98   99   100   101   102   Наступна

Літаратура | Склад і спецыфіка мастацкай мовы | Літаратура | Літаратура | Як навуковая дысцыпліна | Літаратура | Кампазіцыя | Літаратура | Літаратурнага твора | Літаратурны род |

© um.co.ua - учбові матеріали та реферати