На головну

Партрэт персанажа

  1. Унутраны свет персанажа. Псіхалагізм
  2. Формы паводзін персанажа

Пад партрэтам персанажа падразумяваецца апісанне яго знешнасці (рыс твару, фігуры, позы, мімікі, асаблівасцей жэстыкуляцыі, адзення і г. д.).

«Месца і роля партрэта ў творы, як і прыёмы яго стварэння, розняцца ў залежнасці ад роду, жанру літаратуры. Аўтар драмы, як правіла, абмяжоўваецца ўказаннем на ўзрост персанажаў і агульнымі характарыстыкамі ўласцівасцей паводзін, што даюцца ў рэмарках; усё астатняе ён вымушаны прадставіць клопатам акцёраў і рэжысёра. <...> У вершаванай лірыцы важным з'яўляецца не столькі ўзнаўленне партрэтуемага твару ў канкрэтнасці яго рыс, колькі паэтычна абагуленае ўражанне аўтара. <...> Лірыка максімальна выкарыстоўвае прыём замены апісання знешнасці ўражаннем ад яе» [104]. У эпічным родзе таксама ёсць свае нюансы партрэтнай характарыстыкі. Самае ж галоўнае, што партрэт персанажа ў творах гэтага роду можна абмаляваць надзвычай шматпланава і ўсебакова.

Для «высокіх» жанраў, і ў першую чаргу для твораў народна-гераічнага эпасу, з'яўляюцца характэрнымі ідэалізуючыя партрэты, у якіх абмалёўка знешнасці персанажаў надзвычай моцна працуе на выяўленне іх духоўнай сутнасці. У такіх творах, як правіла, вельмі многа метафар, параўнанняў, эпітэтаў, узятых з арсенала фальклорнай паэтыкі.

У гратэскавых партрэтах, уласцівых творам камедыйна-фарсавага характару, асноўная ўвага скіроўваецца на перадачу не духоўнага, а матэрыяльна-цялеснага пачатку ў чалавеку.

Як зазначае В. Халізеў, «пры ўсёй іх супрацьлегласці ідэалізуючыя і гратэскавыя партрэты валодаюць агульнай уласцівасцю: у іх гіпербалічна адлюстравана адна чалавечая якасць: у першым выпадку - цялесна-духоўная дасканаласць, у другім - матэрыяльна-цялесны пачатак у яго магутнасці, кажучы сучаснай мовай - вітальная энергія» [105].

Хоць гратэскавыя партрэты знаходзяць выкарыстанне і ў новай літаратуры, у тым ліку і ў сучаснай, вытокі і асноўнае месца іх прымянення (як, дарэчы, і ідэалізуючых партрэтаў) - творы ранніх этапаў і стадый у развіцці сусветнага прыгожага пісьменства. З цягам часу «ў літаратуры сталі пераважаць партрэты, што раскрываюць складанасць і шматпланавасць аблічча персанажаў. Тут жывапісанне знешнасці нярэдка спалучаецца з пранікненнем пісьменніка ў душу героя і псіхалагічным аналізам» [106]. У такіх партрэтных характарыстыках увага аўтара больш сканцэнтроўваецца на тым, «што выражаюць фігуры ці твары, якое ўражанне яны пакідаюць, якія пачуцці і думкі выклікаюць, чым на іх саміх як жывапісуемай данасці» [107].

Партрэт персанажа падаецца, як правіла, у адным месцы ў творы. Часцей за ўсё ён малюецца тады, калі герой з'яўляецца ў першы раз. Такая падача партрэта называецца экспазіцыйнай. Выкарыстоўваецца ў літаратуры і лейтматыўны прыём партрэтнай характарыстыкі, пры якім на адну з рыс знешнасці персанажа, што перадае важную ўнутраную якасць яго характару, неаднаразова звяртаецца ўвага ў творы.

 



  66   67   68   69   70   71   72   73   74   75   76   77   78   79   80   81   Наступна

Літаратура | Паэтыка. Тэарэтычная паэтыка | Тэма, праблема, ідэя | Літаратура | Пафас, яго разнавіднасці | Канфлікт | Свет мастацкага твора»: значэнне паняцця | Агульнае паняцце аб персанажы | Літаратура | Персанаж і аўтар |

© um.co.ua - учбові матеріали та реферати