На головну

Фармальны метад

  1. Біяграфічны метад
  2. Параўнальна-гістарычны метад
  3. Сацыялагічны метад

Фармальны метад у літаратуразнаўстве - гэта тэарэтычная канцэпцыя, якая сцвярджае погляд на мастацкую форму як на катэгорыю, што вызначае практычна ўсю спецыфіку мастацкай літаратуры. Як асобны накірунак фармальны метад склаўся на рубяжы ХІХ-ХХ стст.: першапачаткова - як рэакцыя на імпрэсіяністычную крытыку (яе прадстаўнікоў сур'ёзна не цікавілі ні змест, ні форма твора; галоўнай задачай з'яўлялася перадача ўражанняў ад прачытанага) і пазітывісцкі афарбаваныя накірункі ў літаратуразнаўстве і мастацтвазнаўстве; пазней - як тэарэтычна абгрунтаваная методыка і метадалогія, накіраваная на вывучэнне ўнутраных (структурных) заканамернасцей мастацкага твора.

Цікава і ў многім паказальна, што фармальная метадалогія амаль адначасова, але пры гэтым на розных грунтах, узнікла як у заходнееўрапейскай, так і ў рускай літаратурнай навуцы.

Ля вытокаў заходнееўрапейскіх фармалістычных канцэпцый стаялі нямецкія вучоныя Генрых Вёльфлін і Оскар Вальцэль. Г. Вёльфліну належыць праца «Асноўныя паняцці гісторыі мастацтваў. Праблема эвалюцыі стылю ў новым мастацтве» (1915), у якой яскрава праглядваецца шэраг асноўных момантаў фармалістычнай дактрыны, і ў першую чаргу - імкненне растлумачыць развіццё мастацкай формы ўнутранымі законамі самога мастацтва. О. Вальцэль у кнізе «Форма і змест у мастацкім творы» (1923) заявіў аб неабходнасці ісці ўслед за Вёльфлінам і прапанаваў весці гаворку аб творы як аб мастацкай канструкцыі на аснове слоўнага адзінства.

Істотна адрозная з'ява па генезісу і метадалогіі - «фармальная школа» ў Расіі (сяр. 1910-х - сяр. 1920-х гг.), якая зыходзіла не столькі з мастацтвазнаўчых канцэпцый, колькі з лінгвістыкі. Гэта ў першую чаргу характарызуе такія творчыя арганізацыі, як «Общество изучения поэтического языка» (ОПОЯЗ) і Маскоўскі лінгвістычны гурток. Дадзеныя аб'яднанні (а таксама шэраг канцэптуальна блізкіх да іх) якраз і ўтварылі рускую «фармальную школу». Галоўным у падыходзе рускіх фармалістаў да мастацкага твора было сцверджанне, што менавіта форма робіць паэзію паэзіяй, вызначаючы спецыфіку апошняй. Змест верша можна пераказаць без выкарыстання рыфмы, рытму, г. зн. парушыўшы яго форму, але пры гэтым губляецца і паэтычнае ўражанне. Паэзія знікае. Рускія фармалісты вылучылі тэзіс аб «мастацтве як прыёме» (В. Шклоўскі): з дапамогай розных паэтычных прыёмаў, якія свядома выкарыстоўваліся аўтарамі твораў, прадметы і з'явы рэальнасці ператвараюцца ў факт мастацтва; прыёмы пры гэтым могуць быць традыцыйнымі і наватарскімі (апошнім удзялялася асаблівая ўвага).

Адзначым, што ўяўленні прадстаўнікоў рускай «фармальнай школы» не стаялі на месцы, а паступова эвалюцыянавалі. Вучэнне І. Бадуэна дэ Куртэнэ аб мове як функцыянальнай сістэме, пераасэнсаванае ў дачыненні да літаратурных з'яў, садзейнічала пераходу ад ранняй механістычнай дактрыны, у адпаведнасці з якой твор разглядаўся як «сума прыёмаў», што яго складаюць («фармальная паэтыка»), да погляду на твор як на «сістэму» функцыянальных адзінак (уяўленне, характэрнае для «функцыянальнай паэтыкі»). Адначасова эвалюцыянуе погляд на асноўныя паняцці тэарэтычнай і гістарычнай паэтыкі: ад ацэнкі формы як адзінага носьбіту мастацкай спецыфікі літаратуры, ад ігнаравання зместу як «пазамастацкай» катэгорыі да пастаноўкі і абгрунтавання ў агульным выглядзе канцэпцыі г. зв. «змястоўнай формы».

Пэўным плёнам у працах прадстаўнікоў рускай «фармальнай школы» пазначаны даследаванні шэрагу важных праблем. Так, В. Вінаградаў і Б. Тамашэўскі ўнеслі шмат новага ў даследаванне стылістыкі паэтычнай мовы, В. Жырмунскі - у вывучэнне рыфмы, метрыкі і кампазіцыі верша, Б. Эйхенбаум - паэтычнага сінтаксісу, Я. Паліванаў - паэтычнай фанетыкі. Надзвычай арыгінальнай і ўсебаковай асобай у асяроддзі рускіх фармалістаў з'яўляўся Ю. Тынянаў, які ўнёс значны ўклад амаль што ва ўсе галіны фармальнай паэтыкі. На працягу 1920-х гг. было пастаўлена шмат пытанняў, якія крыху пазней сталі актуальнымі ў развіцці структурнай паэтыкі, тэорыі інфармацыі, семіётыкі, машыннага перакладу. Наогул руская «фармальная школа» аказала вельмі значны ўплыў на развіццё ў далейшым усяго сусветнага літаратуразнаўства.

Заўважым, што на Захадзе да ўяўленняў аб мастацкай форме, што характарызавалі рускую «фармальную школу», даволі блізка падыйшлі прадстаўнікі Пражскага лінгвістычнага гуртка (Я. Мукаржоўскі, М. Трубяцкой і інш.).

У 1920-1930-я гг. фармальная метадалогія на Захадзе спрабуе абнавіцца, зблізіўшыся з г. зв. «семантычным аналізам» А. Рычардса і атрымаўшы ў Англіі і ЗША назву «новай крытыкі». У 1940-1950-х гг. палажэнні фармальнага метаду знайшлі ў Швейцарыі падтрымку ў методыцы «інтэрпрэтацыі» твораў В. Кайзера і Э. Штайгера.

На Беларусі найбольшую цікавасць да фармальнай метадалогіі праявіў А. Вазнясенскі, што адбілася ў такіх працах вучонага, як «Паэтыка М. Багдановіча» (1926), «Асноўныя прынцыпы пабудовы беларускай навукі аб літаратуры» (1927), «Традиция «формальных» (эстетических) изучений в науке о литературе» (1927) і некат. інш.



  8   9   10   11   12   13   14   15   16   17   18   19   20   21   22   23   Наступна

Тэарэтыка-літаратурнай думкі | Тэарэтыка-літаратурнай думкі | Міфалагічная школа | Літаратура | Біяграфічны метад | Культурна-гістарычная школа | Літаратура | Параўнальна-гістарычны метад | Літаратура | Псіхалагічная школа |

© um.co.ua - учбові матеріали та реферати